СІСТЭ́МНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць метадаў і сродкаў даследавання складаных, шматузроўневых сістэм, аб’ектаў, працэсаў, якія даюць магчымасць рыхтаваць і абгрунтоўваць рашэнні па складаных праблемах паліт., ваен., сац., эканам., навук. і тэхн. характару. Асновай С.а. лічаць агульную тэорыю сістэм і сістэмны падыход. Працэс С.а. складаецца з пастаноўкі праблемы, вызначэння мэты і крытэрыяў ацэнкі; структурнага аналізу доследнай сістэмы; распрацоўкі канцэпцыі развіцця сістэмы; падрыхтоўкі магчымых варыянтаў; непасрэднага аналізу выбраных варыянтаў і іх вынікаў. Гал. працэдура С.а. — пабудова абагульненай мадэлі (ці мадэляў), якая адлюстроўвае ўсе фактары і ўзаемасувязі рэальнай сітуацыі. Атрыманая мадэль даследуецца з мэтай высвятлення блізкасці выніку пэўнага альтэрнатыўнага варыянта да жаданага, параўнальных затрат рэсурсаў па кожным варыянце, ступені ўспрымальнасці мадэлі да непажаданых знешніх уздзеянняў. Абапіраецца на шэраг матэм. метадаў і сучасных метадаў кіравання. Выкарыстоўваецца ў праграмаванні і перспектыўным планаванні, пры рашэнні задач праектавання аўтаматызаваных сістэм кіравання, праектаванні і рэканструкцыі гарадоў і інш. У 1972 у Лаксенбургу (Аўстрыя) створаны Міжнар. ін-т прыкладнога С.а., у рабоце якога ўдзельнічаюць 12 краін. Ін-т працуе над праблемамі, якія патрабуюць міжнар. супрацоўніцтва (ахова навакольнага асяроддзя, асваенне рэсурсаў сусв. акіяна, карыстанне пагранічнымі воднымі басейнамі і інш.).
Літ.:
Клиланд Д., Кинг В. Системный анализ и целевое управление: Пер. с англ. М., 1974;
Диалектика и системный анализ. М., 1986;
Перегудов Ф.И., Тарасенко Ф.П. Введение в системный анализ. М., 1989;
Философия и методология науки. М., 1996.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)